НОВОСТИ

СОРЕВНОВАНИЯ

КЛУБЫ / СТУДИИ

ИСТОРИЯ ТАНЦЕВ

ТАНЦЫ НА КОЛЯСКАХ

ВИДЕОЗАПИСИ

ВИДЕОКЛУБ

МУЗЫКА

ФОТОРЕПОРТАЖ

ФОРУМ

ОБЪЯВЛЕНИЯ

ОБРАТНАЯ СВЯЗЬ

О ПРОЕКТЕ

 
ТАНЧЫЦЬ ЗАЎСЁДЫ (Студэнцкая думка, №7, 1998 г.)



        Студэнцкая Думка: Вольга, растлумач, калі ласка, што гэта за новы для нас від спорту - спартовыя танцы на інвалідных калясках?
        Вольга Цяцёркіна: Практычна, гэта вядомыя ўсім бальныя (у прафэсійнай лексыцы - спартовыя) танцы, толькі адзін з партнэраў - у інваліднай калясцы.
Наагул, гэты від спорту разьвіваецца на Захадзе ўжо больш за трыццаць год, але чэмпіянат сьвету 1998 году быў праведзены ўпершыню. Дагэтуль праводзліся толькі кубкі сьвету і чэмпіянаты Эўропы. Вось і атрымалася, што мы - першыя чэмпіены сьвету ў гэтым відзе спорту. Хаця ў нашай краіне ён, бадай, і невядомы.
        С. Д.: Якой была гісторыя зьяўленьня спартовых танцаў на інвалідных калясках ў Беларусі?
        В. Ц.: Ідэя неабходнасьці распаўсюджаньня гэтага віду спорту ў Беларусі прыйшла на розум Валерыю Кірылавічу Каламійцу, які зьяўляецца прэзыдэнтам Беларускага фонду па аказаньні дапамогі спартоўцам-інвалідам. Чатыры гады таму ен упершыню пабачыў у Галяндыі гэты цудоўны, адзін з самых замілавальных, від спорту. Сама ідэя і яе ўвасабленьне яму настолькі спадабаліся, што Валерый Кірылавіч вырашыў разьвіваць гэты від спорту й у Беларусі.
        С. Д.: Вольга, а як утварыўся твой з Барысам дуэт?
        В. Ц.: Як мы знайшліся... Сама я з шасьцех год займалася спартовымі танцамі і дасягнула даволі значных посьпехаў у гэтым відзе спорту: тры разы была чэмпіенкай Беларусі, некалькі разоў срэбраным прызэркаю. Атрымалася так, што два гады таму я апынулася без партнэра, і мне прапанавалі заняцца новым відам спорту - спартовымі танцамі на інвалідных калясках. Да таго моманту я нічога ня чула пра нешта падобнае, бо на абшарах былога СССР ніхто гэтым не займаўся, і мы былі першай парай з былога СССР, якая выйшлі на міжнародную арэну. Мяне знайшла наша будучая трэнэрка - Вольга Пятроўна Хаханава, якая прапанавата стаць у пару зь інвалідам-калясачнікам Барысом Бачкоўскім. Барыс - вельмі цудоўны чалавек, вельмі незвычайны. Ён усё жыцьцё займаўся спортам. Спачатку футболам, потым, пасьля траўмы, настольным тэнісам, гонкамі на калясках, плаваньнем і г.д. Барыс - срэбраны прызэр СССР па лёгкай атлетыцы, чэмпіён СНД 1997 году па настольным тэнісе, пяцікратны чэмпіён Беларусі ў гэтым жа відзе спорту, сямікратны чэмпіён рэспублікі па лёгкай атлетыцы (дыск, кап'ё, ядро) і гонках на калясках. Усяго мы налічылі 14 відаў спорту, якімі ён у свой час займаўся. Барыс жанаты, водзіць машыну. Шчыра кажучы, гэта ён вучыць мяне жыцьцяздольнасьці.
        С. Д.: Скажы, калі ласка, наколькі складана было пачынаць?
        В. Ц.: Спачатку было вельмі цяжка, бо ніхто нават ня ведаў, якія існуюць патрабаваньні ў гэтым спэцыфічным відзе спорту, не было адпаведнага досьведу і ў нашага трэнэра. Дапамагло тое, што ў нас з Барысом атрымаўся цудоўны сынтэз. Барыс зараз інструктар міжнароднай клясы па навучаньні людзей руху на калясках, а гэта сапраўды вельмі складаная навука. А я маю падрыхтоўку ня толькі па спартовым танцу, а таксама некаторыя звычкі клясычнага і народнага танцу. Мы паспрабавалі, і атрымалася, напэўна, няблага, бо інакш мы б ня выйшлі на такі ўзровень.
        С. Д.: Вольга, як вы атрымалі запрашэньне на чэмпіянат сьвету?
        В. Ц.: Турніраў у нас за гэтыя два гады было шмат. Самае першае спаборніцтва - кубак сьвету ў Галяндыі ў 1997 годзе, дзе мы адразу сталі срэбранымі прызэрамі. Нас заўважылі, што адметна, бо ўзровень спаборніцтваў быў даволі высокі. Адразу пасьля кубку нас запрасілі на чэмпіянат Эўропы. які праходзіў у Швэцыі. Тут праграма была пашыранай (пяць танцаў...). На чэмпіянаце Эўропы мы занялі пятае месца, і па выніках нашых дасягненьняў нас запрасілі ў Японію, на першы чэмпіянат сьвету па спартовых танцах на інвалідных калясках, у горад Макухары. Удзельнічалі пары з 10 краінаў, такіх як Нідэрлянды, Японія, Нямеччына, Швэцыя, Нарвэгія і інш. Аднак, з краінаў былога сацлягеру мы былі адзінай парай. Праграма складалася зь пяцёх танцаў. Дарэчы, зараз на ўсіх спаборніцтвах у праграму ўключаюцца 10 танцаў. У Японіі мы сталі першымі чэмпіёнамі сьвету. Гэта было некалькі нечакана нават для арганізатараў спаборніцтваў, бо гэтаму сусьветнаму віду спорту ўжо трыццаць год, але беларуская пара тут зьявілася ўпершыню і адразу ўзяла золата. Тут нават і краіну нашу ня вельмі добра ведаюць.
        С. Д.: Вольга, што садзейнічала таму, што вы - першая на ўсёй постсавецкай прасторы пара, якая займаецца гэтым відам спорту, адразу здолелі дасягнуць такіх значных спартовых вышынь?
        В. Ц.: Я ня ведаю, што адыграла галоўную ролю. Мы вельмі доўга і шмат рыхтаваліся, плюс вялізнае жаданьне... Дапамагло й тое, што і Барыс, і я зьяўляемся спэцыялістамі даволі шырокага профілю. Што тычыцца мяне, то я ўвесь час займалася ў лепшых беларускіх трэнэраў, а таму падышла да новага для мяне віду танцаў даволі падрыхтаванай. Гэты від спорту сапраўды вельмі складаны. Гэта адзіны від інваспорту, дзе побач з калясачнікам выступае здаровы чалавек. Ен адрозьніваецца ад іншых відаў танцавальных спаборніцтваў. Неабходна ўлічваць і псыхалягічны фактар, і адмысловасьць падобных спаборніцтваў. Ягоная спэцыфіка і ў тым, што фізычна здаровы партнэр вялікую частку нагрузкі мусіць браць на сябе. Я б хацела яшчэ раз падзякаваць Барысу за яго прафэсіяналізм, бо ен выдатна валодае тэхнікай кіраваньня каляскай і вельмі дапамагае мне.
        С. Д.: Вольга, як бы ты вызначыла сеньняшні міжнародны ўзровень спартовага танцу на інвалідных калясках?
        В. Ц.: Па-першае, зараз гэты від спорту вельмі распаўсюджаны. Напрыклад, у Галяндыі і Японіі больш за 200 толькі пачынаючых параў, я ўжо не кажу пра тых, хто займаецца танцамі стала. Гэты від спорту вельмі набліжачы і да мастацтва, унікальны і прыгожы, а таму зараз ен пашыраецца і актыўна спансуецца. Сапраўды, людзям, якія ўсе жыцьце марылі танчыць, даецца магчымасьць спраўдзіць свае мары, і гэта здорава.
        С. Д.: Ці ахоплівае гэты працэс і былыя савецкія краіны?
        В. Ц.: Так, зараз мы пачынаем распаўсюджваць гэты від спорту ў краінах былога сацлягеру У гэтым годзе нас запрасілі ў Польшчу, дзе ў ліпені два тыдні мы навучалі польскія пары ў спартыўным летніку дія інвалідаў. 3 6 па 16 жніўня мы былі ў турнэ па гарадох Беларусі і Расеі: Менск - Віцебск - Смаленск - Масква. Прыемна што паўсюль канцэрты нашы праходзілі зь вялікім посьпехам.
        С. Д.: Вольга, на твой погляд, ці прыжыўся гэты від спорту ў Беларусі?
        В. Ц.: Я б не казала так аптымістычна, але ў 1997 год прайшоў чэмпіянат Беларусі па гэтым відзе, дзе мы з Барысом занялі першае месца. Зараз такіх параў пяць, але галоўнае, што людзям гэта патрэбна, таму я спадзяюся, што гэты спорт будзе папулярным і ў нас.


На главную / О проекте / Права / Контакты

Copyright © Dancesport.by 2002-2003, Минск, Беларусь. При использовании материалов проекта
активная ссылка на источник обязательна.