
“Мая малітва” гурта Naka прагучыць ужывую 8 сакавіка
8 сакавіка ў мінскім клубе RE:PUBLIC адбудзецца канцэртная прэзентацыя беларускамоўнага альбома гурта Naka “Мая малітва”. У альбом увайшлі 12 трэкаў, большасць з якіх напісаны адмыслова для плыткі.Госці канцэрта пазнаёмяцца з новым гітарыстам каманды, пачуюць не толькі новыя, але і ўжо знаёмыя і ўпадабаныя песні.
“Канцэрт запланаваны на 8 сакавіка не выпадкова. “Мая малітва” — увасабленне жаночай сілы, неабыякавасці, барацьбы і ў той жа час пачуццёвасці, кахання і нязгаснай надзеі. Мы паспрабавалі адлюстраваць асабістую малітву кожнага беларуса: яго думкі, праблемы, перажыванні”, — тлумачыць Наста Шпакоўская.
Акрамя кампазіцый, напісаных лідарам гурта Naka Настай Шпакоўскай, у альбом увайшлі песні на вершы Янкі Купалы (“Мая малітва”), Яўгеніі Янішчыц (“Ты пакліч мяне”) і Алеся Плоткі (“МUZA”). Яркімі і нечаканымі сталі дуэты з лідарамі рок-гуртоў “Акute” (“Не адпускай”), “Sounduk” и “Серебряная Свадьба” (“Пра любоў”). Альбом папоўніла электрычная рок-версія ўжо знаёмай песні “Чакаем”. Шмат кампазіцый новай плыткі прысвечаны тэме кахання і вайны, кахання падчас вайны — гэта і трохмоўны гімн-заклік да міру “Пра любоў”, і лірычная “Вяртанне”, а таксама “Цемра” і “Памылка”.
“Альбом атрымаўся такім, як мы хацелі. Мы паклалі ў яго многа любові. Любові да творчасці, радзімы, чалавецтва… Гэта нашая споведзь на роднай мове. Нельга сказаць, што запіс даўся лёгка, — дзеліцца лідарNaka Наста Шпакоўская. — Адбыліся змены, пра якія мы абавязкова распавядзем на канцэрце. Бо пра ўсё прыемна даведвацца з першых вуснаў. Вас чакаюць адноўлены склад музыкаў, старыя і новыя песні, і, спадзяюся, яркае шоу”.
Даведка:
Гурт Naka творыць ужо 11 год. За гэты час каманда выпусціла 5 альбомаў: “Тебе”, “Пора”, “Довольна”, “Naka-piano", “Мая малітва” і каля 20-ці відэакліпаў, дала канцэрты ў Беларусі, Расіі, Украіне і Літве, прыняла ўдзел у буйных фестывалях, сярод якіх “Крылья”, “Окна открой”, “Навальніца”, "Нашествие", “Старый Новый Рок”. Салістка Наста Шпакоўская ў 2010 годзе атрымала тытул “Рок-княжна” цырымоніі ўзнагароджання лепшых рок-музыкаў Беларусі “Рок-каранацыя”. Пасля рэліза беларускамоўнай плыткі працягнеца праца над відэакліпамі да песень.
Ваш комментарий,